Baltkrievu vēlētāju apvienības[1] programma.
[1925.gads]
_________________________________________________________________________
Програма «Т-ва беларусау-выбаршчыкау у Дзяржауны Сойм, павятовыя, гарадзкия i валасныя самаурады у Латвii»
Агульныя палажэньнi.
§1. Таварыства подтрымлiвае незалежную Латвiйскую Дзяржаву, якую мысьлiць у форме демократычнае рэспублiкi, ахоплiваючай сучасныя Латвiйскiя землi i забясьпечываючай у iх межах роўныя правы для ўсих грамадзян i нацыянальна-культурную аўтономiю ўсiм меншасьцям.
§2. Беларусы ў Латвii ёсьць нацыянальная меншасьць, раўнапраўная з iншым грамадзянствам i нацыянальнымi меншасьцями Латвii.
§3. Беларуская меншасьць спаўнае прадугледжанныя законам агульнаграмадзскiя абавязкi перад Латвiйскай Дзяржавай. Латвiйская Дзяржава i законодаўства забяспечываюць належным законам правы беларускае меншасьцi.
Асьвета.
§4. Беларускае меншасьць мае сваё нацыянальнае Прасьветнае Упраўленьне пры Мiнiстэрстве Прасьветы.
§5. Кiраўнiк Беларускага Прасьветнага Упраўленьня выбiраецца з лiку беларускае меншасьцi, шляхам паразуменьня памiж беларускiмi нацыянальнымi органiзацыямi. Кiраўнiк Прасьветнага Упраўленьня падпарадкаваны безпасярэдне Мiнiстру Прасьветы i мае права, на правох Таварыша Мiнiстра, рабiць справаздачы на справах сваёй меншасьцi ў Радзе Мiнiстраў.
§6. Беларусы маюць сваю нацыянальную аснаўную i сярэднюю школу, выкладаньне ў якiх iдзе на роднай мове. На беларускай мове могуць быць арганiзаваны вышэйшыя школы i курсы, а таксама i ўнешкольная асьвета.
§7. Падгатоўчая i аснаўная беларускiя школы, як i iншыя школы, зусiм незалежны ад царквы, бясплатны, агульна даступны i прымусовы для жыхарства; утрымлiваюцца яны на роўных з iншымi школамi асновах, з коштаў мяйсцовых самаўрадаў.
§8. Сярэднiя, тэхнiчныя, сельска-гаспадарскiя i вучыцельскiя школы утрымлiваюцца коштам Дзяржавы з асобна асыгнуемага Беларускаму Прасьветнаму Упраўленьню буджэту, лiк якога вылiчываецца прыстасовываючыся да лiку працэнту беларусаў у Дзяржаве. З таго-ж буджэту падтрымлiваюцца i вышэйшыя беларускiя школы i курсы.
§9. Беларускае выдавецтва i тэатр атрымлiваюць дапамогу з Культурнага Фонду, а таксама i з буджэту Беларускага Прасьветнага Упраўленьня.
§10. Беларуская школа павiнна даваць ня толькi агульную i ўсебаковую асьвету, але i шэраг практычных навыкаў.
Зямля.
§11. Зямлёй надзяляюцца толькi тыя, хто працуе на ёй ўласнаручна.
§12. Зямельныя надзелы, дадзеныя тым, хто ў працягу мiнулых трох гадоў сам не працавааў а здаваў iх у арэнду, павiнны быць звернуты ў Земельны Фонд для надзеляньня iмi беззямельнага i малазямельнага сялянства.
§13. Надзяленьне зямлёй павiнна рабiцца ў той мяйсцовасьцi, у якой чалавек жыве, каб не разбурываць маёмасьцi перевозкай на вялiкiя адлегласьцi.
§14. Сяляне-беларусы павiнны надзяляцца зямлёй на роўных асновах з сялянамi-латышамi.
§15. Сума налогу з сялянства разбуранае вайной Латгалii павiнна быць паменшана да часу поўнае адбудоўлi гаспадаркi ў гэтым Краю.
§16. Дзяржава ня можа ўзяць на сябе, цi ўзлажыць на сялянства цяжару аплаты адчуждзённае зямлi.
Працоунае пытаньне.
§17. Працоўны тыдзень 46 гадзiн. Зьверх уочныя i начныя працы, дзе таго патрабуюць тэхнiчныя i эканамiчныя варункi, дапушчальны выключна з дазволу мяйсцовае iнспэкцыi працы i ў законам прадугледжаным памеры.
Праца без перарыву для мужчын ня дольш 4 ½ годзiн, а для жанчын i падросткаў 4 гадзiн у дзень.
Працаўнiкам як фiзычнае, гэтак i умовае працы забясьпечываецца штотыднёвы адпачынак, якi ня можа быць карацей 42 гадзiн без перарыву.
Штогодна ўсiм гарадзкiм працаўнiкам даецца адпачынак-одпуск, якi ня можа быць карацей 2-х тыдняў.
Разпрадзяленьне працоўнага часу ў сельскай правiнцыi прыстасовываецца мяйсцовым самаўрадам да мяйсцовых варункаў сельска-гаспадарчае працы.
Жанчыны i падросткi ня могуць быць дапушчаны да гэткай працы, што шкодна адбiваецца на стане iх здароўя.
Жанчыны за 6 тыдняў перад i на 6 пасьля родзiнаў звальняюцца ад працы.
Дзецi школьнага ўзросту дапушчальны да працы на столькi, на сколькi гэта ня шкодзiць iх школьным заняткам, але нi як ня дольш 4 гадзiн у суткi.
§18. Аплата працы апрадзяляецца асобным тарыфам, якi ўстанаўляецца згодай памiж прафэсыянальнымi арганiзацыямi i таварыствамi прадпрынiмацеляў.
У такiх галiнах працы, дзе тарыф яшчэ не ўстаноўлены, памер заработнае платы апрадзеляе асобная камiсыя, зложная з прадстаўнiкоў працы, капiталу i мяйсцовага самаўраду.
__________________________________________________________________
Avots:Голас Беларуса. 1925, №11, 4 верасьня (septembrī).
[1] II Saeimas vēlēšanās 1925.gadā organizācija startēja kā Latvijas baltkrievu bezzemnieku, strādnieku un mazzemnieku pilsoņu apvienotais saraksts.
Ievietots: 10.06.2002.